Матч другога па сіле дывізіёну першынства краіны па хакеі паміж наваполацкім «Хімікам» і аршанскім «Лакаматывам», які павінен быў адбыцца 12 лютага, перанесены, паведамляе прэс-служба аршанскай каманды. Сустрэча адбудзецца 24 лютага. А прычынай пераносу стаўся пажар у гасцявой распранальні берасцейскага Лядовага палаца, які адбыўся ноччу 7 лютага, напярэдадні матчу паміж гаспадарамі і «Хімікам». У агні згарэлі абодва камплекты формы «Хіміка». Трэнерскі штаб адмыслова вызджаў у Менск, каб узяць хаця б трэніровачную форму. Але за тыдзень вырашыць праблему з формай наваполацкі клуб не здолеў — як і ўва многіх відах спорту адбіваецца брак арганізатарскіх здольнасцяў у федэрацыі і клубаў, а таксама дзяржаўная, часта паднявольная падтрымка каманд. Аршанскі «Лакаматыў» спярша адмаўляўся пераносіць матч, аднак затым, пад націскам федэрацыі, супольнае рашэнне было прынята на карысць пераносу сустрэчы на 24 лютага. Гэта выклікала шмат негатыўных каментароў ад аматараў хакею з Оршы, якія вельмі незадаволеныя такой "ломкай" календара.
