21 лістапада аршанскія валейбалісты прымалі на сваёй пляцоўцы гомельскі "Паперпрам", які дагэтуль ніяк не маглі абгуляць. Абедзьве сустрэчы ў мінулым завяршаліся паразамі. Сёлета "Узлёт" таксама няўдала з'ездзіў у Гомель. А цяпер узяў рэванш. Першы сэт прынёс расчараванне, паколькі аршанцы патрацілі шмат сілаў, але саступілі на тай-брэйку 27:29. У другой партыі узялі верх 25:22. У трэцяй узніклі пэўныя спрэчкі на пляцоўцы, у выніку чаго за апеляцыю да суддзяў жоўтую картку атрымаў гулец "Узлёта" Валерый Півавараў. Аршанцы прайгралі гэтую партыю з вялікім адставаннем, 15:25. Перамога 25:23 у чацвёртым перавёў матч у вырашальную партыю да 15 ачкоў. І тут "Узлёт" было не стрымаць, аршанцы перамаглі 15:12, а разам з сэтам выйгралі і матч 3:2.
