Экспанаты музея савецкага партызана-падпольшчыка К.С.Заслонава перавезены на вуліцу Міру, 6, у стары корпус былой жаночай гімназіі. Сам будынак музею, якому ўжо 102 гады, дажывае апошнія дні. Ён разабраны рабочымі амаль дашчэнту. Ужо больш за дзесяць гадоў будынак лічыўся аварыйным, нядаўні ўраган паскорыў работы па ім. Часова экспанаты музею Заслонава будуць знаходзіцца ў цэнтры горада, хаця гарадскія ўлады яшчэ летась абвяшчалі пра планы на стварэнне музею ў раёне вакзала. Менавіта там, на аршанскім чыгуначным вузле дзейнічала "брыгада дзядзькі Косці", а таму было б лагічна мець гэты музей непадалёк ад дэпо. Тым болей, у цэнтры Оршы і так сканцэнтравана большасць музеяў горада.




