12-га студзеня ў спорт-бары "Ліга" прайшла новая сустрэча "Бітвы розумаў", першая ў 2017 годзе. Перамогу ў зацятай барацьбе дзякуючы цудоўнаму і амаль бездакорнаму бліцу святкавала каманда "Звяз". Калектыў даўно заслужыў сабе імя, але ў апошнія месяцы мінулага года нязменна знаходзіўся хаця б адзін супернік, які быў мацнейшым. На гэты раз "звязаўцы" перамаглі з перавагай у 6 пунктаў, а другое месца заняла самая тытулаваная каманда "Бітвы розумаў" - "BY.Лён". Яна таксама цудоўна выступіла ў бліцы. На 5 пунктаў ад "срэбра" адсталі інтэлектуалы з каманды "Кому не лень", за імі трэцяе месца. Наогул, гульня стала самай масавай у праекце на дадзены момант. Удзел прынялі 14 калектываў, кожны з якіх здолеў запомніцца цікавымі адказамі і нярэдка шакаваў нават саміх удзельнікаў правільнасцю пададзенага варыянту. Напрыклад, капітан каманды "Золотой век" падчас капітанскага конкурсу бліскуча ўзяў усе 5 пытанняў.
