У Міжнародны жаночы дзень, 8-га сакавіка, аднаму трактарысту было яўна не да віншаванняў мілых дам. Ён трапіў у сумную гісторыю. Каля вёскі Буда, якая месціцца непадалёк ад мяжы Беларусі з Расеяй, яго трактар перакуліўся. У выніку іншыя ўдзельнікі дарожнага руху яшчэ доўга не маглі праехаць па трасе М1, на дарозе ўтварыўся затор даўжынёй у паўкіламетры, паведамляе abw.by. Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў 15:20. 58-гадовы механізатар сельгаспрадпрыемства на трактары МТЗ ехаў са звычайнай хуткасцю, і яго паспрабавала абагнаць фура, за стырном якой знаходзіўся 28-гадовы берасцеец. Але кіроўца фуры не разлічыў дыстанцыю манеўру, і зачапіўся за кола прычэпу трактара. У выніку трактар перакуліўся. Трактарыст шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Дальнабойшчык, які і стаўся вінаватым у здарэнні, не пацярпеў, у фуры пашкоджана толькі абшыўка рэфрыжэратара.

