Позняй ноччу 7-га красавіка двое мужчын сутыкнуліся на танцполе ў адным з начных клубаў Оршы. Адзін зачапіў другога плячом, за што другі адпомсціў ударам. Першы мужчына ўпаў і ўдарыўся галавой аб бетонную падлогу. Хуткую дапамогу не выклікалі, але праз некалькі дзён мужчыну стала па-сапраўднаму кепска, і сваякі выклікалі медыкаў. У мужчыны выявілі цяжкія траўмы галавы, і спатрэбілася хірургічная дапамога. Натуральна, пра такія выпадкі медыкі паведамляюць у міліцыю. А тая завяла па факце бойкі крымінальную справу, піша сайт УУС. Ужо знойдзены і затрыманы аўтар удару, які прывёў да такіх наступстваў. Гэта мужчына 1994 году нараджэння. Крымінальная справа скончыцца судом.
