"Дык нашто тут, райвыканкаму абы паказаць, што ўсё красівенька-спакойненька", — гаворыць 40-гадовы жыхар Оршы, які жыве побач з домам № 32 па вуліцы Леніна, заўважыўшы, як праблемны будынак фатаграфуе наш карэспандэнт. І сапраўды — пра гэты дом у самым цэнтры горада Orsha.eu раней пісаў неаднаразова. І нават рабіў фотагалерэю ў 2019 годзе. Але гады мінаюць, а за дом ніхто не возьмецца. Ён ужо шмат гадоў адселены, але што рабіць з ім дагэтуль не вырашана. Выбітыя шыбы, парою пакеты смецця з боку двара. А дом, між іншым, уваходзіць у міні-ансамбль забудовы цэнтральнай часткі горада, зносіць яго было б памылкай, наш горад і без таго страціў шмат арыгінальных будынкаў за апошнія гады, без войнаў і землятрусаў. Не так даўно перад прыездам у Оршу аднаго з менскіх высокіх чыноўнікаў дом у чарговы раз "паднавілі", і тычылася гэта выключна фарбы звонку. Сумнае відовішча, якое не замаскаваць ніякай яркай фарбай.
